TeenAge.by сустрэўся з ініцыятарамі ўсебеларускага руху «Твая Краіна» і запытаўся, чаму табе варта да яго далучыцца.
Знаёмся, Дзмітрый Рапапорт, студэнт энергетычнага факультэта БНТУ, Кацярына Навуменка і Дар’я Бараноўская з факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Колькі тыдняў таму яны вырашылі паказаць беларускай моладзі яе ж краіну, якая не толькі Мірскі ды Нясвіжскі замкі, а шмат чаго яшчэ.
Пра што праект? «Твая Краіна» – гэта трохдзённыя адукацыйна-культурніцкія візіты ў розныя гарады Беларусі. Паўдзельнічаць у руху можна ў якасці турыста, хоста (чалавека, які уладкуе падарожных на начлег) ці арганізатара вандроўкі.
– Як да вас прыйшла такая ідэя?
Дзіма: Летась я быў у маладзёжным лагеры «Крок да лідарства» ва Украіне. Туды з’ехаліся лідары з розных украінскіх грамадскіх арганізацый. Там я даведаўся пра мясцовы праект «Твая Краіна». Натхніўся, нават з’ездзіў на візіты ў Адэсу і Чарнаўцы, каб дазнацца больш. А пасля гэтага вырашыў, што трэба зрабіць штосьці такое і ў Беларусі. У суседзяў гэты рух развіваецца ўжо чатыры гады.
Даша: Ва Украіне праект сапраўды папулярны: за час яго існавання адбылося больш за 110 візітаў, у якіх узялі ўдзел больш за 1 000 маладых людзей. Візіты адбыліся ў 40 населеных пунктаў.
– А чым «Твая Краіна» адрозніваецца ад іншых варыянтаў танных вандровак?
Дзіма: Асноўная ідэя праекту – барацьба са стэрэатыпамі і маладзёжны абмен. У нас шмат адметных месцаў, а моладзь зможа паказаць іх у найбольш цікавым фармаце.
Каця: Мы ўсе з невялікіх гарадоў. Напрыклад, я са Светлагорска. Аднойчы ў мяне спыталі, а што б я паказала турыстам у родным горадзе. Спачатку пытанне паставіла мяне ў тупік, але ўжо праз 15 хвілін я прыдумала насычаную праграму візіту. Калі хтосьці кажа: у нас няма чаго глядзець, у нас маленькі горад, то трэба проста паглядзець на сваё месца па-іншаму.
Даша: Наогул нашмат цікавей арганізоўваць візіт у маленькі горад, чым у вялікі. У Мінску, напрыклад, вельмі проста спланаваць праграму. А ў маленькіх гарадах можна выкарыстоўваць фарматы кшталту квэстаў ці майстар-класаў.
– Чаму вы плануеце візіты толькі на тры дні?
Каця: Гэта зручна для ўдзельнікаў. Яны прыязджаюць у пятніцу, а ў нядзелю пасля абеду ім трэба вяртацца дадому. У нас будзе 2,5 дні, каб усё паказаць.
Дзіма: Але тры дні – гэта неабавязковае патрабаванне. Можна зрабіць вандроўку на чатыры дні ці на два. Тут усё залежыць ад агранізатараў.
Даша: Першы візіт у Мінск на тры дні ладзім мы. Ён будзе толькі для беларусаў з рэгіёнаў, другі зробім напалову для беларусаў, напалову для ўкраінцаў, а трэці толькі для ўкраінцаў. Цягам часу мы хацелі б падключыць і іншыя краіны.
– А як вы шукаеце ўдзельнікаў?
Каця: У нашай суполцы ВК ёсць спасылка на анкету арганізатара. Любы чалавек, які захоча арганізаваць візіт у свой горад можа запоўніць яе і даслаць нам. Мы звяжамся з ім ці з ёй і дапаможам з арганізацыяй. Там жа ёсць анкеты і для вандроўнікаў.
Дзіма: Мы спадзяемся, што станем прыкладам для астатніх. Людзі, якія прыедуць да нас у Мінск, натхняцца гэтай ідэяй і запросяць гасцей да сябе.
– Адна з умоў вандровак – трымаць праграму візіту ў сакрэце. Навошта таямніца?
Каця: Наш праект чымсьці нагадвае дзіцячы летні лагер, але для дарослых. Удзельнікі з розных куткоў Беларусі прыязджаюць у прызначанае месца, знаёмяцца падчас вандроўкі. Цягам трох дзён яны будуць жыць у хостаў і паспеюць пасябраваць. Пры гэтым яны не ведаюць, што іх чакае на наступны дзень. Гэта такое маленькае жыццё, калі ты на некаторы час выпадаеш са сваіх праблем. Таму мы і хаваем праграму.
Дзіма: Акрамя таго, шмат мерапрыемстваў праграмы залежаць не ад нас. Калі штосьці пойдзе не так, удзельнікі пра гэта не даведаюцца і візіт ім усё роўна спадабаецца.
– А што павінна быць абавязкова ўключана ў праграму?
Даша: Мы хацелі б, каб арганізатары знаходзілі адукацыйна-культурніцкія мерапрыемствы. У кожным горадзе, асабліва абласным, 100% ёсць лекцыі, сустрэчы, майстар-класы, якія варта ўключыць у праграму.
Каця: Гэтым мы адрозніваемся ад экскурсійных тураў. Мы даем не проста праграму з наведваннем знакамітых мясцін.
– Адным з арганізацыйных момантаў з’яўляецца пошук бясплатнага жылля для вандроўнікаў. Наколькі гэта складана?
Каця: Чым меншы горад, тым больш сацыяльных сувязей, тым прасцей дамовіцца на пражыванне, бо людзі там бліжэй адзін да аднаго.
Даша: Мы збіраемся развіваць культуру дапамогі людзям. Напрыклад, у замежжы вельмі папулярны каучсёрфінг. А ў нас яшчэ не кожны гатовы пусціць да сябе незнаёмага чалавека.
Дзіма: Але ж людзі ў нас гасцінныя, таму складанасцей быць не павінна.
– А што па кошце?
Дзіма: Удзельнікі збіраюцца ў месцы правядзення візіту, куды дабіраюцца самастойна.
Каця: Таксама патрэбна будзе заплаціць за уваход на мерапрыемствы і ў музеі. Але нашая мэта – зрабіць квіткі максімальна таннымі. Мы разумеем, што студэнту, а тым больш, школьніку цяжка аддаць 100 рублёў за выхадныя. Мы не хочам, каб людзі засталіся без грошай. Таму, напрыклад, візіт у Мінск будзе каштаваць менш за 50 рублёў на тры дні.
– То бок на Зыбіцкую не павядзеце?
Даша: Не-е (смяецца). Да таго ж, удзельнікі, якія падпісваюцца на візіт, пацвярджаюць гэтым, што не будуць ужываць алкаголь падчас падарожжа.
Дзіма: Так, можна мець добры настрой без алкаголю.
– Вашая суполка ў ВК беларускамоўная. А на якой мове будуць ладзіцца вандроўкі?
Каця: У сацыяльных сетках нам пішуць на дзвюх мовах, праблем з камунікацыяй няма. Найперш мы хочам рабіць візіты па-беларуску, каб падтрымліваць нацыянальную культуру. Пасля першага візіту пабачым, як і што.
Дзіма: Зусім няважна, на якой мове будуць размаўляць удзельнікі. Мы адно аднаго зразумеем.
– Вы збіраецеся прэзентаваць «Тваю Краіну» на чарговым конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend...
Даша: Так, мы хацелі б зрабіць візіты максімальна таннымі, каб усе маглі іх сабе дазволіць, нават тыя, для каго і 40 рублёў – гэта шмат. Таму на конкурсе мы спадзяемся знайсці людзей, якія дапамогуць дамовіцца з хостэлам, каб удзельнікі жылі разам. А таксама пра зніжкі ў музеі і культурныя ўстановы.
Каця: Да таго ж, нам цікава паслухаць іншых. Магчыма, нам патрэбна нешта змяніць.
– Каго зараз не хапае ў вашай камандзе?
Каця: Было б крута знайсці фатографа, які паздымае першы візіт у Мінск з 30 сакавіка па 1 красавіка. Яшчэ нам патрэбны дызайнер, бо зараз кантэнт для сацыяльных сетак мы робім самастойна і аддаем на гэта шмат часу.
– Ці ёсць у вас любімыя месцы ў Беларусі і Мінску?
Дзіма: Сваім сябрам, якія прыязджаюць у Мінск, я заўсёды паказваю вуліцу Кастрычніцкую. Там ёсць шыкоўныя муралы на беларускую тэматыку. Гасцям падабаецца. Да таго ж, з сям’ёй мы амаль кожны год ходзім на байдарках па рэках Беларусі. Пейзаж, паветра, лес – гэта прыгажосць! Яшчэ я памятаю, як упершыню ўбачыў Гервяцкі касцёл. Першая думка была: «Я знаходжуся ў Беларусі?»
Каця: Пра Мінск казаць не буду, бо яшчэ адкрыю нашу праграму (смяецца). Наогул я натхняюся архітэктурай. Два гады запар улетку я вандравала па Віцебскай, Магілёўскай, Гродзенскай абласцях. У нас няшмат прыгожай архітэктуры, як у Польшчы і Літве, напрыклад, але пасярод маленькай вёскі можна знайсці велічны старадаўні касцёл. Гэта заварожвае.
Даша: У Мінску ў мяне два любімых месцы – Асмолаўка, пра якую не ведаюць многія мінчукі дарэчы, і вадасховішча Дразды. Але не тая яго частка, дзе звычайна ўсе адпачываюць. Аднойчы я прайшлася далей, за вадасховішча. Там вельмі прыгожыя рэчкі, з каменьчыкамі і масткамі. А ніхто туды не даходзіць.
Па Беларусі я вандравала шмат. Напрыклад, улетку ездзіла па Захадзе. Асабліва ўразіла сядзіба ў Жалудку. У мяне даўно была мара прачнуцца ў намёце, расшпіліць яго і убачыць старадаўнія сцены. І яна здзейснілася. Хаця было цяжка ў 11 вечара дамовіцца з уладальніцай, каб яна пусціла нас з сябрам на начлег. У нас нямала класных месцаў, хаця многія нават Мірскі і Нясвіжскі замкі ўжывую не бачылі.
Калі ты гатовы (-ая) адправіцца ў падарожжа, то сачы за абнаўленнямі «Тваёй Краіны». Дарэчы, у вандроўках могуць браць удзел і школьнікі: патрэбна толькі ўзяць пісьмовы дазвол ад бацькоў.
Адкрыем Беларусь разам!
Венгрия: живая история в центре Европы
«Китайский язык не такой сложный, как все думают»
Мои незабываемые каникулы в Испании
Теги: Развлечения Путешествия
Каникулы Это_интереснохобби
Подписывайся на наш профиль Facebook , Вk и будь в курсе свежих новостей!
Елена Синекович