Пераможцы рэспубліканскага сацыяльна-адукацыйнага праекта velcom YOUTH

5774
0
Теги: Новости
2019-05-21

18 мая на сцэне канцэртнай залі Prime Hall прайшла першая інтэлектуальная канферэнцыя TEDxYouth@Minsk. 10 фіналістаў рэспубліканскага сацыяльна-адукацыйнага праекта velcom YOUTH выступілі са сваімі ідэямі, якія ўжо змяняюць свет да лепшага. Упершыню ў гісторыі руху TEDx у нашай краіне ўсе выступленні прагучалі на беларускай мове. Фіналісты атрымалі cмартфоны iPhone Xs, а трое пераможцаў конкурсу – магчымасць паехаць на канферэнцыю TEDxKlagenfurt у Аўстрыю.


Мерапрыемства для моладзі

 


Па выніках выступленняў журы вызначыла тройку пераможцаў сацыяльна-адукацыйнага праекта velcom YOUTH. Імі сталі Ілля Баркоўскі з Гомеля (сярэдняя школа №33 г. Гомеля, 11 клас), Паліна Мураева з Мінска (сярэдняя школа №10 г. Мінска, 10 клас) і Цімафей Стамброўскі са Слуцка (сярэдняя школа №18 г. Слуцка, 10 клас).
 

Ілля Баркоўскі стварае сайт пра ганаровага гамяльчаніна, архітэктара Станіслава Шабуневіча і яго будынкі. У межах праекта на знакамітых будынках у цэнтры Гомеля ўсталёўваюцца QR-коды, па якіх можна перайсці і атрымаць усю інфармацыю аб творах славутага архітэктара на адзіным сайце, а таксама даведацца больш падрабязна пра знакамітую асобу.

Паліна Мураева, аўтар праекта «Ад арт-прасторы да інклюзіўнага грамадства» – прыхільніца ідэі, што чалавек, нават з абмежаванымі магчымасцямі, можа ўсё. Гэтая думка і стала асновай для распрацоўкі канцэпцыі стварэння інклюзіўнага арт-цэнтра, якой дзяўчына падзялілася ў сваім выступе.

Цімафей Стамброўскі прапанаваў удасканаліць спосабы выкладання навуковых дысцыплін пры дапамозе робатаў. У сваім праекце «Робат у класе, або Нясумная фізіка» старшакласнік прадставіў свае распрацоўкі ў галіне робататэхнікі для інтэрактыўнага навучання.

Выступленні спікераў ацэнівалі эксперты ў сферах культуры, тэхналогій, інклюзіі,   адукацыі, майстры публічных прамоў, прадстаўнікі арганізацыйнага камітэта праекта: дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Павел Ліс, дырэктар па працы з супрацоўнікамі EPAM Кацярына Прэткель, ліцэнзіят і арганізатар TEDxMinsk Іна Карней, начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom | A1 Мікалай Брэдзелеў, кіраўнік Сямейнага інклюзіў-тэатра «І» Ірына Кісялёва, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Міхаіл Зуй.

«Адзін з прыярытэтаў нашай кампаніі – даць магчымасць для развіцця таленавітай моладзі і платформу для рэалізацыі іх ідэй. Праект velcom YOUTH праводзіцца першы год, але ўжо паспеў ператварыцца ў адну з ключавых ініцыятыў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці velcom | A1. Мы бачым, што ў кожнага з спікераў на канферэнцыі TEDxYouth@Minsk – фіналістаў праекта velcom YOUTH – ёсць вялікі патэнцыял для таго, каб ужо зараз змяняць свет да лепшага. Выступленні нашых таленавітых юнакоў даказваюць гэта», – адзначыў Мікалай Брэдзелеў, начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom | A1.

Для таго, каб стаць фіналістамі velcom YOUTH, навучэнцы старэйшых класаў беларускіх школ павінны былі распрацаваць і рэалізаваць свае ідэі ў сферы тэхналогій, культуры і інклюзіі, зняць пра гэта відэаролік і размясціць яго ў сацыяльных сетках з хэштэгам #velcomYOUTH. Усяго ўдзельнікамі конкурсу сталі больш за 850 старшакласнікаў з больш чым 230 устаноў адукацыі Беларусі. Па выніках адбору журы конкурсу вылучыла 10 лепшых ідэй, аўтары якіх і сталі спікерамі канферэнцыі TEDxYouth@Minsk.

Адукацыйная праграма праекта velcom YOUTH складалася з серыі вялікіх інтэрактыўных воркшопаў «Майстэрства прэзентацыі», «Майстэрства выступлення» і «Майстэрства  лідара» – гэтыя майстар-класы сталі самымі вялікімі ўрокамі ў краіне: кожны з іх паглядзелі больш за 200 старшакласнікаў, яшчэ некалькі тысяч навучэнцаў далучыліся да трансляцыі ў якасці ўдзельнікаў воркшопаў у школах і гімназіях па ўсёй краіне.

Сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH праводзіцца кампаніяй velcom | A1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Яго адметнай асаблівасцю з’яўляецца тое, што ўся камунікацыя ад падачы заяўкі да фінальнага выступу на сцэне адбываецца на беларускай мове. Больш падрабязна аб праекце можна даведацца на сайце конкурсу.
 

 

 

Сайт управления специального образования ... - Asabliva.by


Присоединяйся к нам в FacebookВК, ОК и будь в курсе свежих новостей!