Смак роднай мовы. Эссе

668
0
2023-04-06
Автор: Іван Хоміч, 5 “Б” клас, сярэдняя школа № 61 г. Мінска

Жыццё кожнага чалавека звязана з яго сям’ёй, тым месцам, дзе ён нарадзіўся, дзе жывуць ці жылі яго сваякі, дзе яму добра і ўтульна. Мы любім гэта месца, ведаем гісторыю, культуру, прымаем традыцыі і перадаём іх далей, стараемся зрабіць яго яшчэ лепшым, бо гэта наша Радзіма. 

Чаму мы з лёгкасцю прымаем усё, што датычыцца нашага нацыянальнага побыту? Магчыма, таму, што для нас гэта вельмі звыкла, вельмі блізка.

Мне давялося стаць часткай нашай нацыянальнай культуры: я змалку пачаў танцаваць. І гэта былі народныя танцы. На той момант я мала ўсведамляў, куды мяне прывялі бацькі, але зараз я не ўяўляю сябе без  “Весялухі”, “Бульбы”, “Добрага вечара” ў ансамблі “Равеснік”. 

Мае  касцюмы ўпрыгожваюць розныя спалучэнні беларускага арнаменту. І дзівам для мяне аказалася, што гэта не проста ўзор. Беларускі арнамент – гэта ўзор беларускай душы, народная мудрасць, код беларускага народа, які і да сённяшняга часу выклікае цікавасць. Я пачаў заўважаць, што элементы нацыянальнага арнаменту  прысутнічаюць у афармленні сучаснага адзення,  рэкламы на тэлебачанні, у афармленні кніг, посуду, на ўпакоўках прысмакаў. Я з гордасцю назіраю, як прыгожа ззяе ў нацыянальным стылі  наша Нацыянальная бібліятэка і самы вялікі мультымедыйны экран на гмаху ля станцыі метро “Барысаўскі тракт”. 

А зусім нядаўна я задумаўся над нашым беларускім словам. Мяне ўразіў верш Петруся Броўкі “Калі ласка”. Як правільна перададзена аўтарам  мілагучнасць нашай мовы, яе адметнае багацце. Я ганаруся сваёй роднай мовай, я адчуваю яе смак: журавіны, суніцы, ажыны, парэчкі...  Яна такая прыгожая і зразумелая, бо свая. 

З задавальненнем наведваю музеі горада. Асабліва падабаюцца экскурсіі на беларускай мове ў музеі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Нацыянальным археалагічным музеі.

А якая багатая народная  культура беларусаў. Нельга не закрануць традыцыі і абрады, у якіх я нават сам прымаў удзел. Каляды – адно з самых любімых свят нашай сям’і. Падрыхтоўка і святкаванне адбываецца з захаваннем пэўных абрадаў, якім навучыла матулю мая прабабуля.  На Гродзеншчыне і на Берасцейшчыне я вадзіў карагоды і скакаў праз вогнішча падчас свята Купалле. У парку Чалюскінцаў штогод наведваю Масленіцу. А ў мінулым годзе давялося з бацькамі трапіць на пастаноўку свята ўраджаю “Багач”.

А сапраўдным цудам, якое я адкрыў для сябе, стала гісторыя пра  слуцкія паясы. Цікава, што яны былі элементам параднага толькі мужчынскага адзення багатых людзей і перадаваліся ў спадчыну, бо каштавалі вельмі дорага. Іх стваралі толькі ўручную і толькі мужчыны. Слуцкі пояс лічыцца адной з нацыянальных рэліквій беларусаў. Мне пашчасціла ўбачыць і адчуць яго веліч, бо яго копія ёсць у нашай школе. 

Без далучэння да свайго, нацыянальнага, без вывучэння нацыянальнай культуры  чалавек губляе свае карані, забывае пра сваё паходжанне. Таму я  мару працаваць на карысць сваёй Беларусі, быць сапраўдным патрыётам, праслаўляць свой горад, краіну, старацца зрабіць  жыццё лепшым і багатым, бо лёс радзімы і будучых пакаленняў залежыць і ад мяне.