"Хэй, я вас чытаю!” Як працуюць рэдакцыі моладзевых часопісаў "Бярозка" і "Маладосць"

5005
0

Дарья Смирнова

Поэтесса, выпускница кафедры литературно-художественной критики журфака БГУ.
Победитель и организатор литературного конкурса "БрамаМар"

2020-02-20

Сёння ў Беларусі асноўнымі пляцоўкамі для першых і наступных публікацый маладых аўтараў з’яўляюцца два часопісы: “Маладосць” і “Бярозка”. Я задала прадстаўнікам гэтых выданняў некалькі пытанняў, адказы на якія дапамогуць камусьці з сённяшніх чытачоў TeenAge.by знайсці новую пляцоўку для знаёмства з чужой і публікацыі сваёй творчасці.
 

Моладзевыя часопісы

Намесніца галоўнай рэдактаркі часопіса “Бярозка” Святлана Курганава характэрызуе сваю працу так:

Мы робім папяровае выданне ў 2020 годзе. Вы ўжо разумееце, у чым складанасць, так? Мы таксама нядрэнна разумеем, і намагаемся ствараць часопіс так, каб нам самім хацелася яго набыць”.

Намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць” Дзімтрый Шулюк уяўляе сваё выданне завочнай школай для юных аўтараў, а для чытачоў – месцам, якое можа падтрымаць апантанасць.


Пра чытачоў

С.К. “Бярозка” – папяровае выданне з амаль стогадовай гісторыяй, мы разумеем, што яго чытаюць не толькі падлеткі, на якіх мы арыентуемся, але таксама і іх бацькі, настаўнікі, бібліятэкары. І атрымоўваецца, што мы становімся своеасаблівым медыятарам паміж падлеткамі і дарослымі, якім часам складана зразумець адзін аднаго. Усей нашай рэдакцыі ад 20 да 25 год – і мы яшчэ добра памятаем, што такое школа, што такое 15 год, калі ты ў першы раз пафарбавала валасы, што такое булінг у школе і як казаць “я сама” ці “я сам”. І калі мы стаім на памежжы падлеткі-бацькі, то чаму б гэта не скарыстаць?

Мы бачым сваіх чытачоў, калі яны пішуць нам у соцсетках ці падыходзяць пасля сустрэч: “Хэй, я вас чытаю!” Гэта ўсе вельмі розныя людзі, але, часцей за ўсё, яны: нешта чытаюць, глядзяць фільмы, ужо крышачку цікавяцца сучаснай беларускай культурай, гісторыяй, штосьці ў іх сям’і размаўляе па-беларуску ці яны самі думаюць: “Беларуская — гэта прышпільна, хачу матывуючыя плакаты з беларускамоўнымі подпісамі з сярэдзіны часопіса”. 

Дз.Ш. Улічваючы месца беларускай мовы ў грамадстве і, тым больш, у жыцці падлеткаў, патрэбна паставіць акцэнт на тым, што наш чытач беларускамоўны, альбо жадае такім быць. Па сутнасці гэта ўжо дастаткова, каб сказаць вельмі шмат. Нашага чытача цікавіць свет вакол, акалічнасці, сярод якіх ён жыве, наяўнасць іншых (людзей, тэм, мэт), якія стымулююць да асабістай актыўнасці, пошукавай дзейнасці ці нейкіх творчых пачынанняў. Наш чытач, мабыць, крыху апантанны і адна з нашых мэт – падтрымаць гэту апантаннасць.


Пра часопіс

С.К. Матэрыялы часопіса дзеляцца на два асноўныя блокі: літаратурна-мастацкі і публіцыстычны. У першым мы друкуем літаратурныя творы школьнікаў, студэнтаў і больш дасведчаных аўтараў (у асобнай рубрыцы), літаратурныя майстар-класы (як напісаць фэнтэзі/дэтэктыў/раман). У другім пішам пра кіно, літаратуру, відэагульні, крутых беларусаў і беларусак, якія робяць нешта натхняльнае (а гэта могуць быць і падлеткі!). Пішам пра сацыяльнае і ініцыятывы, якія можна падтрымаць, у якой бы частцы Беларусі вы ні жылі (архіўная фатаграфія, эка-стыль жыцця, прыняцце сябе, прафемінізм і гэтак далей) — мы памятаем, што шмат нашых чытачоў зусім не з Мінска.

Гэта было б дзіўна, калі б мы не давалі голас людзям, на якіх мы арыентуемся. Напачатку для ўсіх ёсць рубрыка “Школа журналістыкі”, якая дае магчымасць плённа папрацаваць з рэдактарам, разабрацца, як выказваць свае думкі, пісаць рэпартажы з мясцовых івэнтаў, браць інтэрв’ю з талентавітымі  знаёмымі — і рабіць гэта публіцыстычна. Мы таксама прымаем перапрацаваныя для часопіснага фармату школьныя даследванні. Ну і, канешне, святое — пісаць пра любімыя кніжкі-фільмы-серыялы. Было б жаданне працаваць, а рэдактар ужо дапаможа. Ганарары прадугледжаны :)

Дз.Ш. На жаль мы не вядзём ніякай статыстыкі па тэмах, на якія пішам. Ды і, напэўна, гэта не зусім магчыма. Напрыклад, важную частку ў часопісе займаюць калонкі, і яны ў першую чаргу асабістыя для калумністаў, а пасля ўжо закранаюць нейкія тэмы, адразу жывыя, а толькі пасля пра штосьці. Гэта жывасць закранае самыя розныя сучасныя актуаліі: разважанні, перажыванні, памяць, спробы зразумець сёння праз аналіз, сінтэз, мінулае і будучае. Як гэта сартыраваць і раскладваць па палічках тэмаў незразумела. 

З кастрычніка мінулага года “Маладосць” не друкуе прозу і паэзію аўтараў старэйшых за 35 гадоў. Школьнікі дасылаюцца рэдка. То-бок пераважная большасць гэта маладыя аўтары студэнцкага і, так мовіць, постстудэнцкага ўзросту. Пры гэтым большасць з іх праходзіць у нас усю сваю маладосць. Пачынаючы пачынальнікамі і ператвараючыся ў сталых аўтараў. Вось так апісваеш, і ўяўляеш дзіўную фабрыку па стварэнню пісьменнікаў, калумністаў, але гэта хутчэй не фабрыка, а завочная школа, дзе толькі практычныя заняткі, а вось з тэорыяй працаваць прыйдзецца самому. 

 часопіс “Бярозка”

Што будзе з тэкстам, калі ён трапіць у рэдакцыю

С.К. Што адразу выдае ў аўтары пачаткоўца? Сумны, убіты псеўда-навуковы стыль, перапоўнены канцэлярытам і чымсьці памерлым, пакінутым гніць яшчэ ў мінулым стагоддзі, як ні дзіўна. Гэта вялікая радасць, калі аўтар прыходзіць без гэтага цяжару — ці скідвае яго на тваіх вачах. 

Праца з рэдактарам выглядае прыблізна так: вы дасылаеце тэкст, мы яго рэдагуем і вяртаем з каментарамі, вы перапрацоўваеце, мы рэдагуем — і ставім у нумар. Нічога насамрэч страшнага: мы добра разумеем, што “першы раз самы складаны”, шмат чаго не ўмееш, не ведаеш. Таму мы і працуем так актыўна з аўтарамі-пачаткоўцамі, каб не толькі атрымаць адзін (1) нядрэнны тэкст вось зараз, але і даць аўтару нешта для наступных тэкстаў для наступных тэкстаў. Мы любім зацікаўленых людзей, якіх хвалюе тое, пра што яны пішуць. 

 часопіс “Бярозка”


Каб патрапіць у наш часопіс, яго трэба спачатку хоць бы пагартаць і, каб на свае ўласныя вочы пабачыць, што ў ім адбываецца. Адразу бачна, калі чалавек часопіса і ў руках не трымаў. Кожнае СМІ — гэта пляцоўка для гутаркі розных асобаў з пэўнай аўдыторый. Ведайце сваю пляцоўку. Ведайце сваю аўдыторыю.Калі хочаце некуды грукацца, то лепей паглядзець, дзе вы будзеце рабіць свой TED-Talk і перад якой аўдыторыя. 

Калі нехта напіша нам: “Я прачытаў усе вашы апошнія нумары і падумаў “хачу рабіць нешта разам з вамі, бо я падлетак і я ведаю, чаго мне тут не хапае!”, гэта будзе вельмі крутой гісторыяй.

Дз.Ш. Праца з матэрыялам залежыць ад якасці твора, ад жанру, але збольшага… Твор прачытваецца рэдактарам, калі з’яўляюцца сумневы, то і двума. У выпадку, калі немагчыма знайсці ніякага патэнцыялу, то прыходзіцца адмовіць: прапануем паспрабаваць іншую тэму ці фармат, абавязкова больш чытаць. Калі тэкст слабы, але валодае пэўным патэнцыялам, то акцэнтуем на гэтым увагу аўтара, прапануем перапрацаваць, улічваючы нашы заўвагі. Пасля такой перапрацоўкі, альбо, калі тэкст адразу нядрэнны займаемся рэдагаваннем, кожны рэдактар, мабыць, мае нейкі свой падыход. Я, напрыклад, не выпраўляю сам хібы, а паказваю на іх, але адначасова звяртаю ўвагу аўтара на станоўчыя моманты, бо праз станоўчае прасцей працаваць з адмоўным.

Не ўсе аўтары і не адразу ўспрымаюць рэдактарскія праўкі і прапановы, некаторыя стаяць на сваім, як вынік, рэдактар у некаторых выпадках ператвараецца ў дыпламата. Пасля твор трапляе да карэктара, дзе атрымлівае яшчэ колькі правак, часцей яны не маюць асаблівага значэння для аўтара, бо маюць пад сабой правілы беларускай мовы, але не заўсёды. Часам арфаграфія і сінтаксіс сутыкаюцца з аўтарскім стылем і формай, альбо паэтычнымі вольнасцямі, тады зноў пачынаецца размова з аўтарам. Гэта калі коратка і агулам. Але кожны выпадак своеасаблівы, кожны аўтар індывідуальны, кожны тэкст адзінны. І ганарары ад узросту не залежаць.

Не ведаю ці карэктна так казаць, але творы маладых адрозніваюцца шчырасцю. Тое, што прыходзіць да нас ад маладых аўтараў і праходзіць на старонкі, звычайна напоўнена энтузіязмам, жаданнем пісаць. Пасля чамусьці гэта жаданне знікае. Людзі пачынаюць верыць, што, калі яны прафесійныя аўтары, то пішуць яны прафесійна. Маладыя аўтары знаёмяцца са светам, знаёмяцца з літаратурай, яны шукаюць і знаходзяць і дзеляцца. Гэта заўважна ў тэкстах. Імкненне быць лепш, навучыцца. У іх ёсць сціпласць. Большасць маладых аўтараў адмаўляюць сабе нават у праве называцца “паэтамі” ці “празаікамі”. Вядомы “сіндром самазванца”. Ім падаецца, што ўсё гэта жарт, крыху, яны робяць, што могуць, але гэта ж далёка ад прафесійнасці. Усё гэта адчуваецца, калі чытаеш. Гэта праўдзівасць, рухавасць, лёгкасць, часовыя выпаданні ў максімалізм, часовыя спрашчэнні да эмацыйнага выбуху, але яно жывое.

Якім мусіць быць тэкст, каб патрапіць на старонкі “Маладосці”, дакладна не адкажу. Мы не ведаем. Добрым, якасным, сваім, свежым. Рэдакцыя працуе з напісанымі творамі і патрабуе ад іх, да ненапісаных твораў у нас няма асаблівых патрабаванняў, мабыць, толькі, каб ён быў арыгінальны. Аўтару, які хоча ў нас надрукавацца трэба чытаць і пісаць, а яшчэ думаць, разважаць і хацець надрукавацца ў нас, бо інакш гэта нейкае глупства. 


Присоединяйся к нам в FacebookВКTelegram и будь в курсе свежих новостей!