Як гумовыя клумбы атручваюць наваколле, або Адкуль дзьме смеццевы вецер

847
0
Теги: Здоровье
2022-01-03

Марына Хідджаз


У 2024 годзе ў Беларусі плануецца ўвядзенне дэпазітнай сістэмы збору тары, у тым ліку пластыкавых бутэлек: тару можна будзе кінуць ў спецыяльны аўтамат або здаць у прыёмны пункт у магазіне, атрымаўшы за яе грошы.

А як зараз у нашай краіне наладжаны збор і перапрацоўка адходаў? Чаму ўпакоўку тэтрапак нельга выкідваць у кантэйнеры для паперы? І чаму нельга выкарыстоўваць на садовым участку зношаныя аўтамабільныя шыны? Давайце разбірацца.

Адпрацаваныя пакрышкі: прыгожая атрута


Нярэдка бачу каля прыватных дамоў самаробнае аздабленне з адпрацавных аўтамабільных шын: агароджы для клумб, фігуры жывёл, казачных герояў. Сустракаюцца гэткія малыя архітэктурныя формы і каля пад’ездаў шматпакаёвак.

На жаль, акрамя прыгажосці, нясуць яны нямала шкоды навакольнаму асяроддзю. Справа ў тым, што пры вырабе шын выкарыстоўваюцца палімеры і іншыя хімічныя складнікі. А зношаныя шыны, якія выбываюць з эксплуатацыі, пачынаюць марудна (на працягу амаль 100 гадоў) раскладацца, пры гэтым у атмасферу непазбежна выдзяляюцца шкодныя рэчывы. Уздзеянне сонца і кантрастных тэмператур спрыяюць і таму, што ад пакрышак аддзяляюцца дробныя часцінкі, якія трапляюць у паветра, глебу, ваду і нават у арганізм чалавека.

На палігонах цвёрдых бытавых адходаў шыны (а гэта хімічныя адходы класу гаручых цвёрдых рэчываў) могуць загарэцца, і тады паскараецца выдзяленне дыяксінаў, вуглевадародаў, чаднага газу, злучэнняў цяжкіх металаў ды іншых, што можа забрудзіць вялікую тэрыторыю.

У розных крыніцах сустракаюцца сведчанні пра тое, што пакрышкі ўтрымліваюць ад 100 да 120 і нават больш хімічных рэчываў, многія з якіх — канцарагены (бензапірэн, нітразаміны і г.д.). Адно з сур’ёзных даследаванняў на гэтую тэму належыць Міжнароднаму агенцтву па вывучэнні раку.   

Як пазбыцца старых шын?


Што ж рабіць са старымі шынамі? Здаваць на ўтылізацыю ці перапрацоўку. І збор, і перапрацоўка другаснай сыравіны ў Беларусі ў пэўнай ступені наладжаны, і сістэма гэтая развіваецца.

Так, у нашай краіне ўведзена забарона на захаванне другасных матэрыяльных рэсурсаў. Між іншым — упершыню на тэрыторыі краін СНД. На цяперашні момант дзейнічаюць прыкладна 2 тысячы аб’ектаў па выкарыстанні ДМР, пастаянна павялічваецца пералік адходаў, якія адносяцца да другасных матэрыяльных рэсурсаў, а значыць, гэтыя адходы можна перапрацаваць, выкарыстоўваючы новыя тэхналогіі.

Так, у лютым 2021 года ўведзена ў эксплуатацыю першае ў Беларусі прадпрыемства па перапрацоўцы ўпакоўкі тэтрапак. У цэлым жа ўзровень выкарыстання адходаў вытворчасці складае ў нас больш за 80 %. Выкарыстоўваецца прыкладна 30 % цвёрдых камунальных адходаў, хаця міжнародны вопыт паказвае, што гэты паказчык можна давесці нават да 100 %.

Працаваць нам ёсць над чым, і ў першую чаргу — над стаўленнем да ўласнагага здароўя, экалогіі і эканоміі (так, выкарыстанне ДМР дазваляе эканоміць!). Старыя пакрышкі і камеры прымаюць дзяржаўная ўстанова “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў”,  ААТ “Белрэсурсы”. З больш як 2 тысяч відаў адходаў, якія ўтвараюцца ў краіне, у перапрацоўку трапляюць каля 800 іх найменняў.

Па словах загадчыка аддзела абыходжання з адходамі Бел НІЦ “Экалогія” Кацярыны Бацян, старыя шыны, напрыклад, перапрацоўваюць у гумавую крошку, з якой у сваю чаргу робяць тратуарную плітку, кантэйнеры спецыяльнага прызначэння (не для прадуктаў або пітной вады, канечне), пакрыццё для спартыўных пляцовак. І, зразумела, такая крошка ідзе на аднаўленне старых пакрышак.

Так што лепшае, што можна зрабіць са  старымі шынамі, — адвезці іх на нарыхтоўчы пункт або здаць адной з арганізацый, якія іх утылізуюць (спасылкі на такіх зборшчыкаў лёгка адшукаць праз інтэрнэт).

Збор іншых нехарчовых адходаў


Варта дадаць, што адпрацаваныя шыны — далёка не адзіны від адходаў, якія лепш не трымаць доўга ля свайго жылля ці ў ім.  Гэта тычыцца і адпрацаванага тэхнічнага масла: 4 літры злітага масла могуць забрудзіць больш чым 3 тысячы літраў вады. Гэта не ўзгадваючы, колькі шкодных для здароўя чалавека і прыроды хімічных рэчываў утрымліваюць нафтапрадукты. А між тым, такое масла перапрацоўваюць і вырабляюць з яго змазачныя матэрыялы для другарадных машынных вузлоў, іншую прадукцыю. Адпрацаванае масла прымаюць некалькі арганізацый, нават нарыхтоўчыя пункты Белкаапсаюзу.

Пра збор і перапрацоўку пластыкавых адходаў ведаюць усе — у многіх дварах даўно стаяць кантэйнеры для збору пластыку. Але мала хто ведае, што ўзгаданую вышэй упакоўку тэтрапак трэба выкідваць якраз у гэтыя кантэйнеры, а не ў ёмістасці з надпісам “Папера”, як лічаць многія. Справа ў тым, што тэтрапак складаецца з некалькіх слаёў, з шасці кампанентаў, чатыры з якіх — палімеры. Кардон з такой упакоўкі таксама выдзяляюць (ён складае 75 % тэтрапаку) і перапрацоўваюць, але выкідваць упакоўку трэба толькі разам з іншымі пластыкавымі адходамі.

Збор адходаў, што ўтрымліваюць ртуць, а таксама збор і абясшкоджванне медыцынскіх адходаў, у тым ліку лекаў і медыцынскіх масак, у Беларусі таксама існуе, некаторыя віды нават падлягаюць перапрацоўцы — 42 % ад сабраных адходаў медыцыны, напрыклад. А большасць адходаў з утрыманнем ртуці складаюць люмінісцэнтныя і ртутныя лямпы, кантейнеры для іх збору ўсталяваныя  ў гіпермаркетах або гандлёвых цэнтрах, адміністрацыйных будынках, як і кантэйнеры для збору старых батарэек.

У адной з песень групы “Крэматорый” ёсць такія словы: “Мусорный ветер, дым из трубы. Плач природы, смех сатаны”. Крыху не па сабе ад гэтых радкоў. Але з цягам часу актуальнасці яны не губляюць. Адкуль дзьме смеццевы выцер? Адтуль, дзе нядбайна ставяцца да ўтылізацыі адходаў, збору другасных матэрыяльных рэсурсаў. І, канечне, з двароў, упрыгожаных “скульптурамі” з адпрацаваных пакрышак. Але ў нашых сілах гэты вецер спыніць!
Комментарии