24 сакавіка адразу ў двух гарадах Гомельскай вобласці, а таксама недалёка ад Мінска правядуць гуканне вясны – традыцыйны беларускі абрад.
Свята адбудецца ў Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава (вул. Акцябрская, 22), а таксама ў яго філіяле ў Гомелі, на тэрыторыі палаца-паркавага ансамблю (пл. Леніна, 4). У Ветцы яно пачнецца ў 11.00, а ў Гомелі – у 12.00.
Удзельнікаў гукання вясны ў абласным цэнтры чакае цікавая праграма – спяванне веснавых песень, ваджэнне карагодаў, гульні, каштаванне абрадавага печыва – птушачак, выраб і спальванне пудзіла Зімы, яечня ды блінцы на вогнішчы і танцы пад гармонік.
Не менш цікава будзе ў Ветцы. Гасцей свята пазнаёмяць з традыцыйнымі спевамі і абрадамі вёскі Стаўбун Веткаўскага раёна, а таксама з гульнямі. Таксама будуць карагоды і развешванне папяровых птушачак – сімвалаў надыходу вясны.
Уваход на абодва святы вольны.
Гукаць вясну будуць і ў Маладзечанскім раёне – у вёсцы Вязынка, на тэрыторыі Дзяржаўнага літаратурнага музею Я. Купалы. Трапіць туды з Мінска можна на цягніку, які адпраўляецца з цэнтральнага вакзала. У праграме веснавыя песні і карагоды, гульні для моладзі і дзяцей, традыцыйная музыка і танцы, кірмаш. А таксама выступленні гуртоў «Горынь», «Мярэжа», «Рутвіца», клуба «Сіта». У канцэрце возьмуць удзел музыкі Дар'я Зуева, Вінцэнт Янчы, Вольга Фёдарава, Яўген Барышнікаў, Дзяніс Сухі, Сяргей Чубрык, Каця Радзівілава, а таксама птушкі, што ўжо колькі дзён вітаюць надыход вясны сваімі спевамі.
Для ўваходу на тэрыторыю музея трэба будзе набыць квіток: для дзецей і студэнтаў ён каштуе 1 рубель, для дарослых – 2 рублі.
Правядзі суботу па-беларуску!