Любань – цэнтр тэатральнага жыцця? Чаму б і не! Прынамсі, раз на два гады гэта сапраўды так! Бо калі я патрапіла ў гэты горад на 13-ты абласны фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці «Чароўны куфэрак», мне падалося, што класік меў рацыю – «усё жыццё – тэатр»…
Толькі што гэтыя падлеткі прабягалі міма цябе па вуліцы, і вось яны ўжо на сцэне – і ты ў пэўны момант забываеш, што гэта не дыпламаваныя акцёры пасля Акадэміі мастацтваў, а школьнікі (і нават дашкаляты!).
Так, часам яны прамаўлялі не ўласцівыя для сябе словы, часта дыялогі былі не надта прадуманыя і танец перамагаў дзею, але імпэт, які гарэў у іх вачах, быў варты таго, каб прабачыць усе недахопы.
Зрэшты, дасведчаныя рэжысёры ды артысты, то бок сябры журы, куды і я мела гонар сёлета патрапіць, для кожнага здолелі падабраць адметную намінацыю, якая адзначала моцны бок калектыву або асобы.
Зрэшты, спрэчак наконт пераможцы не ўзнікла – адзінагалосна гран-пры атрымаў спектакль
“Дарагі Бог”, пастаўлены маладым рэжысёрам Аляксандрам Бародкам паводле твора Эрыка-Эмануэля Шмітта
“Оскар і Ружовая Дама”. Гісторыя дужа няпростая, бо на гэтую тэму не ўмеюць гаварыць і многія дарослыя, а вось у юных артыстаў тэатральнага калектыву
“Крокі” Салігорскай дзіцячай школы мастацтваў атрымалася дужа шчыра і натуральна. Лісты хлопчыка, хворага на анкалогію, прымусілі і мяне задумацца ды адказаць на няпростае пытанне: што я рабіла б, калі б мела толькі 10 дзён…
Дарэчы, адчувалася, што сучасныя рэжысёры сапраўды імкнуцца адказаць на найноўшыя запатрабаванні часу: Аляксей Бабашаў, напрыклад, у стылі кібер-панк узняў пытанне панавання гаджэтаў над чалавечымі стасункамі, Лілія Пратасава ў спектаклі
“Родныя людзі” паказала, што можа здарыцца з чалавекам, які з-за кар’еры забываецца пра сваякоў ды сяброў, а Валерый Анісенка зразумелай моваю гаворыць з гледачамі пра хайп і яго жорсткія наступствы.
Але і вечныя тэмы – сяброўства, стасункі з бацькамі (і бабулямі), любоў да радзімы – таксама не абмінулі ўвагай. Слуцкі ўзорны тэатр
“Мельпамена” шукаў бабуляў, якія збеглі ад унукаў, узорны тэатр-студыя
“Ступені” з Дзяржынскай гімназіі №1 гуляў у “вяртанне Пітэра Пэна”, а ўзорны тэатр
“Летуценнікі” Любанскай дзіцячай школы мастацтваў па-новаму ўвасобіў гісторыю пра ваўка і казлянятаў, атрымаўшы не толькі першую прэмію, але і колькі асобных узнагародаў: у тым ліку “За лепшую мужчынскую ролю” (
Антон Грынберг) і “Зорачка Мельпамены” (
Ганна Рымашэўская).
У праграме былі яшчэ і лялечныя тэатры, і батлейка, і знаёмства з турыстычнымі маршрутамі Любанскага краю (хлебным ды траўным), і цудоўныя вершы Караткевіча ў межах паэтычнага праекту
“Матчына душа” (дарэчы, там у журы былі самі юныя артысты) – неверагодна, як столькі імпрэзаў змясціліся ў тры фестывальныя дні!
Хочацца падсумаваць, што фэст “Чароўны куфэрак” даўно перасягнуў узровень раённага, ды і праводзіць яго можна было б штогод, бо таленавітых рэжысёраў, артыстаў і гледачоў у Беларусі – хапае!
Фота аўтара.
Татьяна Сивец