«Я даўно ўжо не белы Анёл…» Новыя вершы 19-гадовай паэткі!

5083
0

Кацярына Тарасава

2019-12-12

Аб аўтары: Нарадзілася ў 2000 годзе ў Мінску. Студэнтка 2 курса Факультэта журналістыкі БДУ. У любым незразумелым выпадку пачынае дэкламаваць чужыя вершы. Асцерагаецца словаў «тучка», «гаіць»,«ніколі» і «праменад», бо на кожнае з іх можа пачаць чытаць верш.

 

29.10.1937-29.10.2019

Выстрал, нібыта зорка, якая падае.
Кажуць:
– Глядзі,
глядзі
Загадай жаданае.
Вочы заплюшчы,
Перажагнайся тройчы!

Падаюць сярод ночы.
Песні
Ідуць у неба.

Я бы забыў, ды нешта яшчэ не спета.
Нешта не спіта
з донца вялікай ямы

Вершы з незакрэсленымі радкамі.
...
Горкай вады змяшанай з пяском і кроўю
П'юць за тваё здароўе
Чарку з тваёй магілы.

 

Не глядзі

Стой!
Не глядзі – слухай!
Тут яшчэ зусім глуха.
Усё гучыць не так моцна.
Слухай, не глядзі
сонца
Бегае вадой у моры
Носіцца лясным воем.
Чуеш– цішыня?
Глуха.
Колькі не напружвай вуха.

 

***

Я даўно ўжо не белы Анёл,
Перабітая птушка,
Аскепак
Незапальнага сонца агню.
Зноўку раніца.
Панядзелак.

Усё мінае ў цемры начной
І зрастаецца на аддаленнях
Тыдзень– сплаўлены ў топцы спакой
Нараджаецца ў час заканчэння.

Я даўно ўжо не белы анёл.
Перакрыўлена плямамі пер'е.
І не птушка.
Не снег.
Не агонь
А забытае  з часам
павер'е.

 

Пярсцёнак-ліхтар

Усё...Пярсцёнак стаў вялікім
Для пальцаў дробных ліхтароў
Святло распушчанае ў плітах
Невымяральна не сваё.


Не цісне постаць у паветры
І адбіваецца ад сцен.
Нібы пашыраны ў памеры
Асіметрычны жоўты цень


Не разбіваецца аб рукі–
Заслоны між начных агнёў...
Пярсцёнак стаў зусім вялікі.
Па-за ліхтарны. Не яго.

 

***

Падае верталёт.
Нехта бяжыць, спрабуе ўратавацца.
А ты стаіш.

Не хапайся за галаву!
Не крычы!
Не плач!
Ён усё адно ўпадзе.
Раздзярэ пад'езд дзевяціпавярховага дома разам з людзьмі
Ці цябе
Але ты нічога не зробіш

Проста сачы за веліччу.
Разумей– калі ўпадзе на цябе– не паспееш збегчы.
Калі ўпадзе на людзей– не ўратуеш.
Зараз не ты пілот.

Разбіваешся аб пад'езд дзевяціпавярховага дома.

Нехта стаіць
Чакае
Раптам цэлы
Ці ты
Ці пад'езд
Ці людзі

 

Навіны


Мы малазнаёмыя людзі:
У вас Мінск,
У мяне– Бах.
І нешта ўнутры марудзіць
Сцежка за сцежкай
Не на нагах
Нехта стаіць, як пудзіла.
І разбаўляе
Густы боль.
Як крумкачы
Счарнелая
З венаў збягае да сэрца кроў.
Рукі збялелі.
Стрыжанем
Цен
і звіваюць
Густы абрыс
І пакідаюць
Літары.
Надпіс.
Нататку.

Эсэ
Ліст.

 

***

Паміж метрам і станам сну
Ёсць няспраўджаная мяжа
За якой раскрываюць стан
Каб каго-небудзь адштурхнуць.
Бо ёсць страх апынуцца там
Дзе далёка ісці назад
Каб няспраўджаная мяжа
Не пакінула больш за метр.