Нясумны спіс літаратуры. Фэнтэзі па-беларуску

4857
0
Теги: Книги

Дарья Смирнова

Поэтесса, выпускница кафедры литературно-художественной критики журфака БГУ.
Победитель и организатор литературного конкурса "БрамаМар"

2020-08-06
Улічваючы эпідэміялагічную сітуацыю ў свеце, адзін з самых папулярных заняткаў на гэтых канікулах – чытанне. Магчыма, нехта ўжо вычарпаў сваю цікавасць да спісаў школьнага пазакласнага чытання і заблытаўся ў сваіх ўласных. Таму дазвольце разбавіць ваш кніжны досвед асаблівым.

Фэнтэзі –
адзін з самых папулярных жанраў сярод падлеткаў і не толькі. І гэты жанр абсалютна не стасуецца з беларускай мовай. Многія з нас прызвычаіліся да таго, што беларуская літаратура заканчваецца там же, дзе і пачынаецца – на ўроках у школе. Але фэнтэзі па-беларуску існуе. У сучаснай беларускай літаратуры яно заняло заўважнае месца.

Аўтары пераасэнсоўваюць звыклыя сюжэты і адкрываюць для чытачоў старыя магічныя дзверы па-новаму, спрабуюць на смак і трываласць міфалогію, сучаснасць і мінулае. Няма сумненняў, беларускай літаратуры ёсць што сказаць і ў гэтай галіне. 

Прапаную чатыры прыклады. Безумоўна, гэта не рэпрэзентатыўная падборка сучаснага беларускага фэнтэзі, а спіс сапраўды добрых кніг, якім ёсць чым здзівіць патрабавальнага маладога чытача. 
 

“Ключ Дарог” Ліліі Ілюшынай

“Ключ Дарог” Ліліі Ілюшынай


Кніга апавядае пра жыццё на ферме каля маленькага горада ў Ёркшыры вачыма падлетка, які страціў надзею на здзяйсненне мары і ніяк не бачыць свайго месца ў вялікім свеце і, тым больш, у сваім родным маленькім горадзе. Навакольны свет Джыма Ф’юры нязвыклы для яго беларускіх равеснікаў, але ён сутыкае пятнаццацігадовага хлопца з такімі ж праблемамі і думкамі, якія ўзнікаюць у падлеткаў па ўсім свеце – бацькі, што навязваюць свае погляды на будучыню, жорсткі іерархічны свет школьнай супольнасці, адзінота і няўпэўненасць у сваіх здольнасцях і сваёй карысці. Фантастычны свет у гэтай кнізе, насуперак клішэ, не выратоўвае Джыма ад праблем рэальнага свету. Ён існуе паралельна і становіцца для героя прадметам даследавання. А захапіцца чымсьці – адзін з найлепшых спосабаў бліжэй пазнаёміцца з самім сабой, незалежна ад узросту. 

Раман цікавы менавіта тым, што галоўнае ў ім - псіхалогія галоўных герояў і іх даследаванні. Дарэчы, і сама канцэпцыя фантастычнай часткі – своеасаблівая метафара.    

“Арнаменты” Аліны Длатоўскай

“Арнаменты” Аліны Длатоўскай

Гэтая кніга на першы погляд чапляе менавіта прыўнясеннем фантастычнага ў звыклую абстаноўку – дзеянне адбываецца ў сучасным Мінску. Жанр заяўлены як “гарадское фэнтэзі”. Першая асацыяцыя, што ўзнікае ў галаве чалавека, які вырас у двухтысячныя, - гэта Начны і ўсе астатнія Дазоры Сяргея Лук’яненка. Насамрэч, чытаючы “Арнаменты” можна назбіраць цэлую нізку асацыяцый з рознымі творамі масавай культуры. І гэта хутчэй плюс для аўтара, бо яна ўмела спалучае цікаўнасці сваёй мэтавай аўдыторыі з уласным, вельмі добра распрацаваным фантастычным канцэптам. 

Прыгоды галоўных герояў аформлены ў асобныя апавяданні, што надае лёгкасці чытанню, а самі галоўныя героі становяцца цэнтрам прыцягнення сюжэту. Нягледзячы на тыповыя схемы, па якіх распрацаваны персанажы, ім хапае харызмы і прапісанасці, каб не выглядаць картоннымі і заставацца простымі для разумення. Кніга ўвогуле размаўляе з патэнцыйным чытачом на яго мове, а фантастычная яго частка пабудаваная на персанажах беларускай міфалогіі. Тых самых, пра якіх мы чыталі ў падручніках за пяты клас. 

“Мая мілая ведзьма” Валерыя Гапеева

“Мая мілая ведзьма” Валерыя Гапеева

Аўтар – адзін з найбольш прызнаных і дасведчаных беларускіх аўтараў падлеткавай літаратуры. А “Мілая ведзьма” ў 2018 годзе адзначана прэміяй Цёткі ў намінацыі “Найлепшы твор для дзяцей або падлеткаў”. Хутчэй за ўсё, назва інфармацыя пра прэмію не стане для вас матывацыяй для чытання, але пра кнігу ёсць што сказаць і без гэтага. Адна з бясспрэчных вартасцяў гэтага рамана – гэта тое, што яго аўтар не робіць сваім чытачам ніякіх “зніжак на ўзрост”. “Мая мілая ведзьма” – гэта зноў сучаснасць, актуальны беларускі кантэкст з усімі яго асаблівасцямі. Зноў падлеткі-равеснікі патэнцыйнага чытача, якія сутыкаюцца з жыццём у розных яго праявах. Містыка тут, нягледзячы на назву, зноў адыходзіць на другі план, саступаючы месца тым часткам жыцця, якія інакш, як філасофскімі і не назавеш. Смерць, каханне, сяброўства, эмпатыя. Аўтар выкарыстоўвае знаёмы прыём з прыходам новенькай у клас, імкнецца навучыць, данесці да чытача пэўную жыццёвую філасофію, але яго майстэрства зрабіць гэта несумна, не клішыравана, не па-маралізатарску, чарговы раз падкрэслівае яго стаўленне да чытачоў. У іх, як і ў сваіх героях, Валерый Гапееў бачыць асоб, кожная з якіх валодае пэўным талентам. І ў сваіх кнігах імкнецца дапамагчы ім раскрыцца.  

“Адваротны бок люстра” Ксеніі Шталенковай 

“Адваротны бок люстра” Ксеніі Шталенковай 

Гэтая кніга – прадстаўніца жанру, які ў беларускім фэнтэзі пакуль не прыжыўся. Гэта раман пра “трапленцаў” (“попаданцев” па-руску), то бок сюжэт у ім будуецца вакол перанясення героя з аднаго свету або часу ў іншы. Аўтар гэтай кнігі выбірае менавіта час. Яе гераіня (пятнаццацігадовая школьніца, па каноне падлеткавай літаратуры) пераносіцца ў мінулае – у Вільню ХVІ стагоддзя. Прычына гэтага – старажытнае люстарка, намякае нам назва кнігі. Далей, як прынята – прыгоды і першае каханне з сімпатычным “мясцовым жыхаром”, але старажытныя абставіны, тым часам, не становяцца проста дэкарацыяй для асабістага жыцця герояў, а паўнавартасна ўключаныя ў сюжэт.

Самі героі адметныя і няпростымі характарамі, што адбіваецца і на іх стасунках. Персанажы жывыя, канфліктныя, складаныя і – пазнавальныя. На іх месцы даволі лёгка ўявіць сябе, прымерыць на сабе іх рэакцыю і праз гэта кніга становіцца яшчэ больш блізкай і цікавай для патэнцыйных чытачоў. 

 

Сардэчна запрашаем на сайт «СЛУШНА» – гэта ўнікальны праект, які аб’ядноўвае экспертаў, высокакваліфікаваных урачоў і ўсіх зацікаўленых людзей, што імкнуцца захаваць ідэнтычнасць і здароўе беларусаў.

Аўдыёказкі. Казкі на беларускай мове


Присоединяйся к нам в FacebookВК , Instagram и будь в курсе свежих новостей!