Калі вельмі захацець, можна ў космас паляцець!

5068
0

Святлана Адамовіч

Рэдактар беларускай версіі інфармацыйнага партала bel.24health.by, журналіст, блогер

2021-04-11

Марыш пра зорнае неба? Хочаш паляцець на Міжнародную касмічную станцыю (МКС)?! Думаеш, гэта нерэальна?! А вось і не! Усё можа быць, асабліва ў наш час. Галоўнае – настойлівасць у дасягненні мэты, старанная вучоба, шырокі кругагляд, выдатнае веданне англійскай мовы і… Так, шмат чаго яшчэ, але – цалкам рэальнага! І гэта пацвярджае наш зямляк, ураджэнец горада Чэрвеня Мінскай вобласці, касманаўт Раскосмасу, Герой Расіі Алег НАВІЦКІ, чыёй аднакласніцай я маю гонар з’яўляцца! Першы раз да зор ён паляцеў не калі-небудзь там, у мінулым стагоддзі, а ўвосень 2012 года! А трэці – вось толькі, напярэдадні Дня касманаўтыкі-2021, 9 красавіка!


Захапленне дзяцінства

школьные годы космонавта

Вось так вучышся і стасуешся са сваімі аднакласнікамі і ні пра што такое не думаеш, праўда?! Ні пра тое, кім стане кожны з нас у дарослым жыцці, ні пра тое, што хтосьці дасягне такіх сапраўды зорных вышынь! Шматлікія карэспандэнты будуць распытвацца: а якім цяперашні касманаўт быў у дзяцінстве?! А ты нічога «смажанага» ды сенсацыйнага і не зможаш расказаць, бо столькі часу прайшло… Таму, на ўсялякі выпадак, прыглядайся да сваіх аднакласнікаў. Раптам праз гадоў 10-20 спатрэбіцца?!

Асабіста я вучылася з Алегам Навіцкім шэсць гадоў. Чаму так?! Бо пераехала з вёскі Клінок у горад Чэрвень і тут пайшла ў трэці клас. А пасля восьмага паступіла ў тагачаснае  Магілёўскае педвучылішча. Алег жа застаўся заканчваць 10 класаў.

Але ні мы – тыя, хто пайшоў са школы пасля 8-га класа, ні яго аднакласнікі ў 9-м і 10-м, ні сябры, ні нават бацькі – ніхто ў той час не ведаў, што Алег марыць пра зорнае неба і космас, пра палёты. Ён не толькі стараўся добра вучыцца, захапляўся дакладнымі навукамі, але і развіваў сябе фізічна. Зрэшты, усе мы ў 1980-х захапляліся тэмай космасу. Ведалі савецкіх касманаўтаў па прозвішчах, а касмічныя караблі – па назвах. Глядзелі па ТВ праграму «Час», дзе паказвалі сюжэты пра старт, стыкоўку… І, вядома ж, адзначалі 12 красавіка Дзень касманаўтыкі!

А вось жа зусім іншая справа зараз! Бо, напрыклад, за першым стартам свайго аднакласніка ў 2012-м я назірала, седзячы перад маніторам камп’ютара. Спачатку на сайце Раскосмасу, а тады і NASA, дзе карцінка была лепшай.

Аднойчы, праз 22 гады…

…Пасля заканчэння 8-га класа я доўгі час не сустракалася і нават не перасякалася з некаторымі сваімі аднакласнікамі, у тым ліку і з Алегам. Спачатку я вучылася ў іншым горадзе, тады – яны з’ехалі… Даведалася ж пра тое, што Алег Навіцкі жыве і працуе ў Зорным гарадку, толькі ў 2008-м.

На тэлефон рэдакцыі газеты «Раённы веснік» (г.Чэрвень Мінскай вобласці), дзе я тады працавала, патэлефанавала наша школьная настаўніца матэматыкі Вольга Васільеўна Ефіменка. Яна распавяла пра вечар сустрэчы з выпускнікамі, візіт да яе колішніх вучняў, а потым спыталася: «А ты ведаеш, што твой аднакласнік Алег Навіцкі зараз у Зорным гарадку, у атрадзе касманаўтаў?!»

Не, я гэтага не ведала. Больш за тое – нават не магла сабе ўявіць. Як?! У самім Зорным?! І можа паляцець у космас?! Пасля такой навіны ў мяне, вядома ж, адразу абудзілася цікаўнасць – і жаноцкая, і журналісцкая. А калі яны спалучаюцца разам...  Ні ў адной таямніцы няма шанцаў застацца неразгаданай, можаш мне паверыць!

Вялікая падзяка таму, хто вынайшаў інтэрнэт і так шырока яго распаўсюдзіў! Лёгкі рух рук на клавіятуры – і вось фота Алега Навіцкага на сайце «Аднакласнікі». Ну трэба ж, як змяніўся за 22 гады светлавалосы хлопчык! Вырас, узмужнеў... 

Пішу паведамленне, дасылаю на яго асабістую старонку – і праз некалькі дзён атрымліваю адказ. Ура! Сувязь наладжана! Як высветлілася з электроннай перапіскі, увосень у Алега – адпачынак. Вялікі, дзён 60. І ён абавязкова прыедзе ў Чэрвень, да родных. Папярэдняя дамова на інтэрв’ю атрымана.

Яшчэ колькі званкоў з мабільнага на мабільны – і вось ужо Алег, прыязна ўсміхаючыся, з’яўляецца ў дзвярах рэдакцыйнага кабінета. Сапраўды, змяніўся. Такі мужны, упэўнены ў сабе... І разам з тым, як высветлілася з размовы, сціплы і сарамлівы, што не магло не спадабацца.

Ад лётчыка да касманаўта

Пасля гэтага інтэрв’ю было яшчэ іх шмат, у розных газетах. Як і проста расповедаў пра падрыхтоўку Алега да палёту ў космас, і яго візіт у родную школу, выступленне перад вучнямі. І вось надышоў той без перабольшання сенсацыйны дзень для ўсёй нашай  краіны – 23 кастрычніка 2012 года, калі ў космас паляцеў трэці ўраджэнец Беларусі.

Олег Новицкий

А хто ведае імёны і прозвішчы першых двух??? Правяраем сябе! Так, Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак. А чаму Дзень касманаўтыкі мы адзначаем 12 красавіка?! Бо менавіта ў гэты дзень у 1961 годзе ў космас паляцеў першы з зямлян – Юрый Гагарын. І вось гэты зорны спіс папоўніў просты беларускі хлопец з невялікага горада Чэрвеня, што на Міншчыне, Алег Навіцкі. Крута?! Вядома ж!

Дык адкуль жа ў яго ўзялося тое жаданне? Пра гэта я спыталася ў самым першым інтэрв’ю 10 гадоў таму.

Алег Навіцкі касманаўт

Алег, а кім ты марыў стаць у школьныя гады? Што пісаў у нашых шматлікіх анкетах?

Пісаў, што лётчыкам. Але, як і ў любога хлапчука ў тыя часы, у мяне была запаветная мара – стаць касманаўтам. Вось насамрэч – проста прыгожая і, як здавалася тады, абсалютна недасяжная мара. Бо, жывучы ў Чэрвені, нават не ведаў, як у лётнае вучылішча патрапіць. Не тое што ў касманаўты...

Мне пашанцавала: сцежку «ў лётчыкі» праклаў стрыечны брат Ігар Навіцкі. Ён паступіў у Барысаглебскае лётнае вучылішча, якое знаходзілася ў Варонежскай вобласці. Ігар распавёў мне падрабязна, што патрэбна для паступлення. І я пачаў рыхтавацца, так бы мовіць, прадметна. Круціўся на стуле ў святле і ў цемры. Адзін-два разы на тыдзень бегаў па 20 кіламетраў – за гармату на ўездзе ў Чэрвень.

Медкамісію прайшоў у Мінску – і паехаў паступаць у Вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў імя Чкалава. Конкурс быў – дзесяць чалавек на месца. Шмат адсеялася падчас медкамісіі, здачы фізічнай падрыхтоўкі. Здаў іспыты, набраў прахадны бал – і паступіў. Правучыліся мы два гады, год ужо адляталі – і вучылішча зачынілі. Нас перавялі ў Ейск. Там вучыліся два гады, здалі дзяржаўныя іспыты. Але выпускаліся ўжо ў вучылішчы, што ў Валгаградзе. Атрымалася, пакуль я спраўдзіў сваю бліжэйшую мару, змяніў тры навучальныя ўстановы.

І куды цябе размеркавалі?

Напачатку накіравалі ў Барысаглебскі цэнтр перанавучання і падрыхтоўкі лётнага саставу. Мы ж выпускаліся на вучэбных самалётах, а там перавучвалі на баявыя. Пасля паехаў на Паўночны Каўказ, адтуль – у горад Будзёнаўск. Прыбыў да месца службы якраз пасля сумна вядомых падзей, калі Басаеў захапіў бальніцу. У Будзёнаўску праслужыў амаль дзесяць гадоў. Прайшоў прыступкі ад лётчыка да намесніка камандзіра эскадрыллі.

У 2004-ым мяне накіравалі на вучобу ў Вышэйшую ваенна-паветраную акадэмію імя Ю.Гагарына. Перад выпускнымі іспытамі ўсіх лётчыкаў сабралі ў актавай зале. Аказваецца, у акадэміі ёсць традыцыя: калі ў цябе добры стан здароўя, няма хвароб, дыягназаў, дык ты можаш (па жаданні) прайсці адбор у атрад касманаўтаў. Я вырашыў паспрабаваць. Не так каб ужо надта спадзяваўся... Хутчэй жартам. Маўляў, калі дачка спытаецца: «Тата, а чаму ты не пайшоў у касманаўты?», адкажу: «Спрабаваў, але не атрымалася» (смяёмся).

Олег Новицкий космонавт

Словам, да выпуску з акадэміі прайшоў усе этапы медкамісіі – і быў прызнаны годным. Мне сказалі, што месяцы праз два-тры могуць выклікаць на яшчэ адну медкамісію – у Раскосмас. Я пакінуў хатні нумар тэлефона. Пасля паехаў у адпачынак у Чэрвень. І менавіта сюды мне патэлефанавалі, даслалі тэлеграму, што трэба прыехаць у Маскву. Там прайшоў яшчэ адну медкамісію.

11 кастрычніка 2006 года адбылося пасяджэнне Галоўнай міжведамаснай камісіі, падчас якога зачыталі загад. Маўляў, Алег Навіцкі залічаны ў атрад касманаўтаў, у групу агульнай касмічнай падрыхтоўкі. А пасля сказалі, што магу вяртацца ў часць і служыць далей. Туды павінен прыйсці загад Міністра абароны Расіі. Яшчэ амаль паўгода я праслужыў у авіяцыйнай эскадрыллі ў Будзёнаўску. А з лютага 2007-га  – у атрадзе касманаўтаў, у Зорным.

Олег Новицкий

Фантастыка! Вось ты расказваеш, а мне не верыцца...

Ды мне спачатку і самому не верылася. Як і маім бацькам тады. Тое, што лётчык, ім было зразумела. А касманаўт, Зорны гарадок – гэта далёка і нерэальна...
 

Сёлета Алег Навіцкі накіраваўся ў свой трэці касмічны палёт напярэдадні 60-годдзя палёту Юрыя Гагарына ў космас. І, па традыцыі юбілейных датаў, – на імянным касмічным караблі «Ю.А.Гагарын»! Камандзірам экіпажа, у які ўваходзяць касманаўт Раскосмасу Пётр Дуброў і астаранаўт NASA Марк Вандэ Хай. Як мяркуецца, працягласць палёту складзе 191 суткі. Пажадаем ім усім удачы! 
 


Фота аўтара, з архіву Алега Навіцкага і з сайта Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына

Присоединяйся к нам в FacebookВК , Instagram и будь в курсе свежих новостей! 

Комментарии